АРХІТЭКТУ́РА МАЛЫ́Х ФО́РМАЎ,

малыя архітэктурныя формы, розныя па характары і прызначэнні тыпы збудаванняў ці інш. аб’ектаў, якія дапаўняюць і дэталізуюць арх.-будаўнічую ці садова-паркавую кампазіцыю і з’яўляюцца элементам афармлення і добраўпарадкавання (мемарыяльныя стэлы, абеліскі, надмагіллі, фантаны, каскады, басейны, паркавыя павільёны, пандусы, балюстрады, агароджы, пергалы, вазы, дэкар. і прыдарожная скульптура і інш.). Ім належыць важная роля ў фарміраванні аблічча населеных пунктаў, трансп. магістраляў, зон адпачынку.

У адрозненне ад частак будынкаў і арх. дэталяў творы архітэктуры малых формаў адносна самастойныя. Ім належыць важнае месца ў кампазіцыі садова-паркавых ансамбляў, добраўпарадкаванні жылых груп, тэр. школьных і дашкольных устаноў, дзіцячых пляцовак і гарадкоў; яны — неад’емная частка сучасных населеных месцаў (электрасвяцільні, кіёскі, павільёны, гандл. аўтаматы, тэлефонныя будкі, стэнды для афіш і рэклама).

т. 1, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)